Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Курцова Вероника Николаевна

Дата: 13 января 2018 в 13:18, Обновлено 25 августа 2023 в 11:36
Автор: Усанов Е. А.

Курцова Вераніка Мікалаеўна нарадзілася ў 1959 годзе   ў вёсцы Залессе. Закончыла мясцовую васьмігодку, Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча, філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1983 г.), аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Кандыдат філалагічных навук (1994 г.), дацэнт. З 2010 года узначальвае аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі ў Інстытуце  мовы і літаратуры, які з 2012 года стаў састаўной часткай Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.

– Мая біяграфія, – прызнаецца Вераніка Курцова, – не мае нічога асаблівага. Нарадзілася ў вёсцы. Расла, адкрывала для сябе хараство прыроды, на якое багата навакольная зямля. Вучылася ў школе, вучылішчы, універсітэце. Вучоба была заўсёды ў радасць, таму і займалася з ахвотай і захапленнем. Кожную навучальную ўстанову заканчвала з адзнакай. А прагу да ведаў, любоў да кнігі дачцэ прывілі бацькі – Марыя Рыгораўна і Мікалай Антонавіч Надтачэевы. Пазнаваць свет, рознае дзівоснае і цікавае ў прыродзе ўнучку вучыла бабуля па мацярынскай лініі Таццяна Яфімаўна Крупенькіна. На вялікі жаль, гэтых блізкіх і дарагіх для Веранікі Мікалаеўны людзей ужо няма ў жывых, але іх жыццёвыя ўрокі памятаюцца і зараз.
          Удзячна В.М.Курцова таксама школьным настаўнікам, якія развівалі жаданне пазнаваць, вучыцца, і найперш настаўніцы пачатковай школы Ганне Дзямідаўне Крупенькінай – светламу, сціпламу, міласэрнаму чалавеку. Уменню пісаць творча любое сачыненне, любы пераказ навучыла Ульяна Іванаўна Палякова. Яна, увогуле, сфарміравала патрэбу любіць літаратуру, родную мову, чуць слова і гук, прывіла жаданне займацца менавіта мовамі, вывучаць іх. Гэтую цікавасць да слова памножыла падчас вучобы Веранікі ў вучылішчы выкладчык беларускай мовы і літаратуры Ала Харытонаўна Ганчарова.
       “Ва ўніверсітэце, – зазначае Вераніка Курцова, – вучыцца было лёгка, займалася з захапленнем. Надзвычай любіла заняткі Ніла Сымонавіча Гілевіча, Віктара Пятровіча Краснея, Браніслава Аляксандравіча Плотнікава, запомніліся лекцыі А.Я. Супруна, Д.Я. Бугаёва, М. Яфімавай і многіх іншых. Навуковую скіраванасць разнастайным студэнцкім захапленням надаў доктар філалагічных навук, прафесар Леў Міхайлавіч Шакун. Дзякуючы гэтаму таленавітаму даследчыку, ўжо на старшых курсах універсітэта я ведала, што ў будучым буду займацца мовай як спецыяльнай галіной навукі.”  І праз два гады пасля заканчэння ўніверсітэта Вераніка паступае ў аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. У гэтай установе лёс звёў яе з адным з самых вядомых у славістыцы дыялектолагаў Аляксандрам Антонавічам Крывіцкім. Пад яго кіраўніцтвам яна напісала і абараніла дысертацыйнае даследаванне, стала кандыдатам філалагічных навук, атрымала званне дацэнта. Дзякуючы глыбіні яго ведаў, пазнанням у галіне лінгвістыкі, шырокай эрудыцыі, захапленню сваёй дысцыплінай Вераніка Мікалаеўна даведалася пра многія моўныя таямніцы, навучылася навуковаму падыходу да ацэнкі розных моўных з’яў і фактаў. Як прызнаецца сёння наша зямлячка, Аляксандр Антонавіч улюбіў яе ў такую адметную навуковую дысцыпліну як дыялекталогія і лінгвагеаграфія і надзвычай рада, што шмат гадоў запар працавала поруч з гэтым цудоўным чалавекам, разам пісалі навуковыя працы і абмяркоўвалі шматлікія навуковыя праблемы.
          З 2010 года Вераніка Курцова ўзначальвае аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа, які зараз з’яўляецца састаўной часткай Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Самы галоўны навуковы клопат, якім сёння жыве аддзел, – упарадкаваць усе лексічныя набыткі, якія створаны і назапашаны беларускім народам на працягу гісторыі яго існавання. Гэта вельмі вялікая і доўгатэрміновая праца, якая будзе выконвацца паэтапна, паступова, аднак, як падкрэслівае Вераніка Мікалаеўна, яе трэба абавязкова ажыццявіць, каб паказаць найперш нам, беларусам, і ўсяму свету веліч і хараство нашай роднай мовы.
Калі за справу бяруцца такія няўрымслівыя спецыялісты як Вераніка Мікалаеўна, ёсць спадзеў, што ўсё будзе спорыцца. А таму тут будуць дарэчы словы Дзяніса Пуцікава:“Мая цётка – чалавек, вельмі апантаны выбранай справай, настолькі, што размаўляць з ёй на навуковыя, на першы погляд, сухія тэмы – занятак не толькі цікавы, але і пазнавальны. Пры размовах пра назвы дурніц, асаблівасці гаворак б’ецца жывы струмень сілы старажытнага народа, які гэтая невялічкая сухаватая жанчына ўвабрала ў сябе напоўніцу. Цётка стала для мяне асобай, якая вынайшла спосаб адчыніць скарбонку моўнага багацця. Аказалася, што мова – не проста і не толькі набор сродкаў зносін, гэта яшчэ і мысленне яе носьбітаў, іх бачанне свету, стаўленне да навакольнага. Мова захавала ў сабе, што было першасным, а што другасным для тутэйшага чалавека, да чаго ён цягнуўся, а чым грэбаваў. І самае цікавае тое, што яна змясціла ў сабе адказ – хто ты, беларус, якога роду.
Той, хто дасягае высокага ўмення ў адной справе, дасягае гэтага і ў іншым. Не аднойчы мне даводзілася паспытаць стравы, прыгатаваныя цёткай. Беларускай гасціннасці яна ўвабрала ў сябе з лішкам і адмовіцца ад яе пачастункаў цяжка. 


          З вялікай павагай стаўлюся да здольнасці яе і маёй маці захаваць любоў  і ўзаемапаразуменне, якія аб’ядналі нашыя сем’і. А расло гэта ўсё з аднаго кораня – з любові іх маці, для мяне бабулі Машы, прабабулі Тацянкі і гэтак далей і глыбей. Там, дзе адзін пройдзе і не заўважыць, іншы возьме сабе і ўзбагаціцца. Дзяцінства каля Сажа, безлічы азёр, лесу і раздолу паблізу ад люду, якія жывуць шчырай працай і тымі глыбокімі старадаўнімі песнямі – ад усяго гэтага, хоць часткова, атрымаў асалоду і я. А што казаць пра цётку, якая расла гэтым і набіралася сілы. Адтуль яе любоў да бацькоў і роднай старонкі перарасла ў павагу да тых простых і шчырых людзей, якіх яна сустракала падчас паездках па ўсёй Беларусі, і якія праз гэта станавіліся скарбонкамі яе адметных навуковых адкрыццяў, пра якія яна піша ў сваіх працах.”
          Наша зямлячка з’яўляецца аўтарам звыш 200 публікацый. Адметна найперш тое, что сярод прац В.М. Курцовай ёсць і такія, якія належаць да агульнакультурных нацыянальных каштоўнасцей. У першую чаргу гэта фундаментальнае лінгвагеаграфічнае даследаванне “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” у пяці тамах. Мовавед удзельнічала ў стварэнні яго чатырох з пяці тамоў. Для гэтага выдання сумесна з іншымі аўтарамі ў чатырох тамах Курцовай было падрыхтавана звыш 100 лінгвістычных карт і каментарыяў для іх. Пры перавыданні знакамітай шматтомнай манаграфіі Я.Ф. Карскага “Беларусы” Вікторыя Мікалаеўна напісала прадмовы для большасці тамоў і зрабіла навуковы каментарый.
           В.М. Курцова – адзін з удзельнікаў інавацыйнага міжнароднага агульнаславянскага праекта “Общеславянский лингвистический атлас. Серия лексико-словообразовательная”. Для розных выпускаў гэтай працы яна сумесна з А.А. Крывіцкім склала асобныя

лінгвістычныя карты і падрыхтавала легенды разам с каментарыямі. Многія артыкулы, даследванні моваведа змешчаны ў розных замежных выданнях.
          Сярод навуковых даследванняў, у якіх сістэматызуюцца лексічныя набыткі беларускіх народных гаворак, варта адзначыць тэматычныя слоўнікі “Жывёльны свет”; “Раслінны свет”, “Чалавек”, “Сельская гаспадарка”, для якіх В.М. Курцовай былі падрыхтаваны асобныя раздзелы, а таксама ў большасці выданняў упарадкаваны лексічныя паказальнікі (індэксы) да іх.
         Вельмі многае даследчыкам зроблена для таго, каб пакінуць нашчадкам тэксты – жывыя паметкі маўлення беларусаў, якім яно было на памежжы стагоддзяў.
В.М. Курцова не толькі робіць запісы і парадкуе расшыфраваныя матэрыялы. Яна дае разгорную навуковую характарыстыку маўленчых сродкаў, якімі карыстаюцца сёння жыхары сельскай мясцовасці розных частак і асобных раёнаў Беларусі.
           Ёсць у лінгвіста і публікацыі, прысвечаныя апісанню розных прыватных моўных з’яў, характэрных для беларускай дыялектнай мовы. У асобных з такіх публікацый па апісанні некаторых фанетычных з’яў сістэматызаваная інфармацыя падаецца ўпершыню ў нацыянальнай дыялекталагічнай навуцы. Гэта найперш артыкулы пра такую адметную рысу паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы як оканне. Адрозна ад існуючых ў нацыянальнай лінгвістыцы прац яна разглядае і занаціскное аканне, уласцівае ўскраінным паўднёва-ўсходнім гаворкам. Многія з прац В.М. Курцовай прысвечаны выбітным даследчыкам нацыянальнай мовы: І.І. Насовічу, А.А. Ельскаму, а таксама аналізу поглядаў Якуба Коласа на прынцыпы правапісу.

         Не менш актуальнымі і змястоўнымі з’яўляюцца і многія іншыя працы аўтара. Усе яны сведчаць пра шырокі дыяпазон навуковых інтарэсаў В.М. Курцовай, яе цікавасць да розных праблем айчыннай навукі. Зробленае даследчыкам – таксама сведчыць пра яе апантанасць і ўлюблёнасць у навуку, самаадданасць у працы.

Пра  публiкацыі В.М. Курцовай, іх змест і асаблівасці

 

В.М. Курцова з'яўляецца аўтарам  звыш 200 публікацый.

Найбольш яскрава пра характар навуковых заняткаў В.М. Курцовай, яе даследчыя прыярытэты сведчаць працы, на асобных з якіх варта засяродзіцца. 

Адметна найперш тое, што сярод  шматлікіх прац В.М. Курцовай ёсць і такія, якія належаць да ліку агульнакультурных нацыянальных каштоўнасцей. У першую чаргу гэта фундаментальнае лінгвагеграфічнае даследаванне "Лексічны атлас беларускіх народных гаворак у пяці тамах". Мовавед  брала ўдзел у стварэнні яго чатырох з пяці тамоў:   

"Лексічны атлас беларускіх народных гаворак.  Сельская гаспадарка. Т.2. –– Мінск:  Фонд фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь, 1994; том 3. Чалавек. –– Мінск, 1996; том 4. Побыт. –– Мінск, 1997; том 5. Семантыка. Словаўтварэнне. Націск. –– Мінск, 1998". Для выдання сумесна з іншымі аўтарамі ў чатырох тамах  В.М. Курцовай было падрыхтавана звыш 100 лінгвістычных карт і каментарыяў да іх.

Гэта і славутае выданне "Е.Ф. Карский "Белорусы". Пры перавыданні знакамітай шматтомнай манаграфіі Я.Ф. Карскага   В.М. Курцова напісала прадмовы для большасці тамоў і зрабіла навуковыя каментарыі. У тым ліку:

Прадмова да першага тома працы: Я.Ф. Карскага "Беларусы" // Е.Ф. Карский "Белорусы". Т.1 — Мінск:  БелЭн., 2006. – С. 15-30 (сумесна з А.У. Унучак, І.У. Чаквін);

Каментарыі да першага тома працы Я.Ф. Карскага "Беларусы" // Е.Ф. Карский "Белорусы". Т.1. — Мінск:  БелЭн., 2006.  – С. 372-402 (сумесна з А.У. Унучак, І.У. Чаквін);

Прадмова да другога  тома працы: Я.Ф. Карскага "Беларусы" // Е.Ф. Карский "Белорусы". Т.2. Книга 1. — Мінск:  БелЭн., 2006.– С. 5-12.

Каментарыі да першай   кнігі другога тома працы Я.Ф. Карскага "Беларусы" // Е.Ф. Карский "Белорусы". Т. 2. Книга 1. – Мінск:  БелЭн., 2006. – С. 447–454.

Каментарыі да другой   кнігі другога тома працы Я.Ф. Карскага "Беларусы" // Е.Ф. Карский "Белорусы". Т.2. Книга 2. – Мінск: БелЭн., 2006. –  С. 494-505.

В.М. Курцова — адзін з удзельнікаў інавацыйнага міжнароднага агульнаславянскага праекта "Общеславянский лингвистический атлас. Серия лексико-словообразовательная". Для розных  выпускаў гэтай працы сумесна з А.А. Крывіцкім ёй былі складзены асобныя лінгвістычныя карты і падрыхтаваны легенды разам з каментарыямі, напрыклад:

Общеславянский лингвистический атлас. Серия лексико-словообразовательная. Вып.6.  Домашнее хозяйство и приготовление пищи.  –  Москва, 2007.

Общеславянский лингвистический атлас. Серия лексико-словообразовательная. Вып. 9. Человек. – Краков, 2009 і інш. выпускі.

В.М. Курцова — аўтар шматлікіх артыкулаў, даследаванняў, змешчаных у розных замежных выданнях, як:

Цэнтральная дыялектная зона беларускай мовы і асноўныя тэндэнцыі развіцця нацыянальнай моватворчасці // Gwary dsiś. 3. Wewnętrzne zróżnicownie języka wsi. – Poznan: Wyd-wo Poznańskiego towarzystwa przyjaciόł nauk,  2006. S. 79-93.

Цэнтральная дыялектная зона як адметнае канвергентнае ўтварэнне гаворак беларускай мовы // Diahronija in sinhronija v dialektoloških raziskavah / Uredili Mihaela Koletnik, Vera Smole Maribor: Slavistično društvo, 2006. S. 456-466.

Шляхі развіцця сучаснай беларускай літаратурнай мовы: нацыяналізацыя як архаізацыя і рэгіяналізацыя // Sdudia bełorutenistyczne. 2. /  redakcja Ryszard Radzik, Michał Sajewicz. – Lublin: Wyd-wo uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2008. – S. 261–302.

Беларуска-польскае памежжа: стан і дынаміка развіцця сучаснага дыялектнага маўлення ў гаворках заходняй зоны беларускай мовы // Polsko-białoruskie związki jązykowe, literackie, historyczne i kulturowe. XI / Materiały XVI Międzynarodowej Konferencji naukowej ''Droga ku wzajemności''.  Białystok, 25-26.IX.2009 / pod redakcją Michała Kondratiuka i Bazulego Siegienia. – Białystok, 2009. –  S. 139-155.

Беларуска-рускае памежжа: вывучэнне працэсаў развіцця некаторых моўных асаблівасцей у сучасных беларускіх гаворках // Наследие в странах восточной и центральной Европы. Материалы межгосударственной научной конференции 5-8 июля 2010 года (г. Брянск), приуроченной к 600-летию битвы при Грюнвальде / Фонд "Русский мир"; Брянский государственный. университет им.акад.И.Г.Петровского. - Брянск: РИО Брянского государственного университета, 2010. – С. 111-117.

Дыялекты беларускай мовы ў сучаснай моўнай сітуацыі ў Беларусі і дынаміка іх развіцця // Gwary dsiś. 6. Aktualne problemy dialektologii słowiańskiej. Prace Komisji Dialektologicznej przy Międzynarodowym komitecie Slawistów / pod redakcją Jerzego Sierociuka. — Poznan: Wyd-wo Poznańskiego towarzystwa przyjaciόł nauk, 2012. — S. 37-56.

Сярод навуковых даследаванняў, у якіх сістэматызуюцца лексічныя набыткі беларускіх народных гаворак, варта адзначыць наступныя ідэаграфічныя слоўнікі, у якіх В.М. Курцовай былі падрыхтаваны асобныя раздзелы, а таксама ў большасці выданняў ўпарадкаваны лексічныя паказальнікі  (індэксы) да іх:

Жывёльны свет:  Тэматычны слоўнік. — Мінск: Беларус. навука, 1999. – С. 37-62; індэкс с. 179-237.

Раслінны свет: Тэматычны слоўнік. — Мінск: Беларус. навука, 2001. – С. 89-135; індэкс. С. 510-635.

Чалавек: Тэматычны слоўнік. – Мінск:  Беларус. навука, 2006. –  С. 300-359.

Сельская гаспадарка: Тэматычны слоўнік. —  Мінск: Беларус. навука, 2010. – С.49-105.

Вельмі многае даследчыкам зроблена для таго, каб пакінуць у памяць нашчадкам тэксты — жывыя памяткі маўлення беларусаў, якім яно было на памежжы стагоддзяў.  Тэксты, запісаныя і расшыфраваныя аўтарам,  змяшчаюцца ў выданнях:

Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Цэнтральная зона.  / НАН Беларусі Ін-т мовы і літ. імя Якуба Коласа і Янкі Купалы; уклад. В. Д. Астрэйка [інш.]; навук. рэд. Л. П. Кунцэвіч, В. М. Курцова.   –  Мінск: Беларус. навука, 2009.  –  539 с.

Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і  даследаванні. Вып. 1. / рэд. Л. П. Кунцэвіч, В. М. Курцова.   –  Мінск: Беларус. навука, 2010. –  331 с.

Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні. Да 100-годдзя з дня нараджэння Ю. Ф. Мацкевіч. Вып. 2. / рэд. В. М. Курцова, Л. П. Кунцэвіч, Т. М. Трухан. — Мінск: Беларус. навука, 2012. — 263 с.

В.М. Курцовай не толькі рабіліся запісы, парадкаваліся расшыфраваныя матэрыялы, ёй была дадзена і разгорнутая навуковая характарыстыка маўленчых сродкаў, якімі карыстаюцца ў цяперашні час жыхары сельскай мясцовасці ў зносінах. Вось некаторыя з іх, змешчаныя ў навуковым выданні "Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Цэнтральная зона. —  Мінск: Беларус. навука, 2009":

Навуковы каментарый да тэкстаў з раёнаў Мінскага наваколля.—  С. 102–120.

Навуковы каментарый да тэкстаў з раёнаў паўднёва-ўсходняга кірунку.  – С. 175-194.

Навуковы каментарый да тэкстаў з раёнаў паўднёва-заходняга кірунку. – С. 286-302.

Навуковы каментарый да тэкстаў з раёнаў паўночнага кірунку. – С. 377- 390.

Навуковы каментарый да тэкстаў з раёнаў заходняга кірунку. – С. 491-506.

А таксама ў выданні:  

Навуковы каментарый да тэкстаў з Ганцавіцкага раёна // Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і  даследаванні. Вып. І. — Мінск: Беларус. навука, 2010. – С. 174-191.

Навуковы каментарый да тэкстаў з Бабруйскага раёна // Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і  даследаванні. Вып. І. — Мінск: Беларус. навука, 2010.  – С. 203-222 і інш.

Ёсць у лінгвіста В.М. Курцовай і публікацыі, прысвечаныя апісанню розных прыватных моўных з'яў, характэрных для беларускай дыялектнай мовы.  Асобныя з такіх публікацый па апісанні некаторых фанетычных з'яў,  можна лічыць піянерскімі, бо пра іх упершыню сістэматызавана інфармацыя падаецца ў нацыянальнай дыялекталагічнай навуцы. Гэта найперш артыкулы пра такую адметную рысы гаворак паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы, як оканне:

Оканне ў полацка-віцебскіх гаворках паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы / В. М. Курцова // Беларуская лінгвістыка. — Вып. 68. — 2012. — С. 36-43.

3. Курцова, В. М. Оканне ў полацка-віцебскіх гаворках паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы / В. М. Курцова // Беларуская лінгвістыка. — Вып. 69. — 2012. — С. 10-22.

Адрозна ад існуючых у нацыянальнай  лінгвістыцы прац   разглядаецца ёй і занаціскное аканне, уласцівае ўскраінным паўднёва-ўсходнім гаворкам беларускай мовы.

Акрамя даследаванняў, прысвечаных асвятленню актуальных праблем  у галіне дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, В.М. Курцова напісала шмат прац па многіх іншых пытаннях беларускага мовазнаўства. У іх ліку публікацыі па тлумачэнні змен, унесеных у сучасны правапіс. Гэта артыкулы:

Напісанне галосных у канцавых спалучэннях -ар, -аль у запазычаннях  //  Беларуская мова і літаратура ў школе. — № 10. — 2011. — С. 49-55 (у сааўтарстве з І. Л. Капыловым).

Напісанне слоў іншамоўнага паходжання з канцавымі спалучэннямі галосных // Беларуская мова і літаратура ў школе. — № 3. — 2012. — С. 45-49  (у сааўтарстве з І. Л. Капыловым)  і інш.

Многія з прац В.М. Курцовай расказваюць пра выбітных даследчыкаў нацыянальнай мовы. Гэта артыкул пра І.І. Насовіча і яго знакаміты слоўнік:

Слоўнік І. І. Насовіча як базавая крыніца па вывучэнні дынамікі развіцця беларускага рэгіянальнага маўлення // Спадчына І. І. Насовіча і беларускае мовазнаўства. Матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных 220-годдзю з дня нараджэння І.І. Насовіча. 18 лютага 2008. — Мінск: Права і эканоміка, 2008. – С. 42 – 48.

Публікацыя пра А.А. Ельскага, які ў канцы 19 ст. заявіў, што беларуская мова належыць да ліку самастойных моўных фармацый:

Аляксандр Ельскі: статус беларускай мовы, значэнне гаворак для літаратурнай мовы і іх месца ў сістэме нацыянальных моўных зносін // Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і  даследаванні. Вып. І. — Мінск: Беларус. навука, 2012.  – С. 113-123 і інш.

Гэта і раскрыццё поглядаў Якуба Коласа на прыянцыпы правапісу беларускай мовы:

Якуб Колас: прынцыпы беларускага правапісу // Каласавіны 2007: Творчая спадчына Якуба Коласа ў парадыгме грамадска-інтэлектуальнага асяроддзя пісьменніка:  Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (30 кастрычніка <st1:metricconverter productid="2007 г" w:st="on">2007 г</st1:metricconverter>. Мінск). — Мінск: Лазурак, 2008. – С. 275-286.

Не менш актуальнымі і змястоўнымі з'яўляюцца і многія іншыя працы аўтара. Усе разам яны расказваюць пра шырокі дыяпазон навуковых інтарэсаў В.М. Курцовай, яе цікавасць да розных праблем айчыннай навукі. Колькасць зробленага даследчыкам  — гэта таксама сведчанне пра  яе апантанасць і ўлюбёнасць у навуку, самаадданасць у працы. 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.